— Падыйдзі да мяне бліжэй, — сказаў суфет, падазраваючы ашуканства, — колькі гадоў ты служыў?
— Дванаццаць, — адказаў лібіец.
Гіскон прасунуў яму пальцы пад падбародак, дзе рамень ад каскі націрае з часам дзве мазолістыя шышкі; іх называюць карубамі; і сказаць, што маеш карубы — значыла тое самае, што назваць сябе ветэранам.
— Злодзей! — крыкнуў суфет. — На плячох тваіх, мабыць, знойдзецца тое, чаго няма на твары.
І разарваўшы яму туніку, ён агаліў плечы, пакрытыя крывавымі рубцамі; гэта быў земляроб з Гіпазарыта. Узняўся гучны крык: яму знялі галаву.
Раздача працягвалася ўжо некалькі дзён, а войска хвалявалася; патрабаванняў і скаргаў было ўсё больш і больш. Самыя ўпартыя пранікалі ў палатку; каб расчуліць суфета, яны хапалі яго за рукі, прымушаючы абмацваць бяззубыя дзясны, схудалыя рукі і рубцы старых ран.
Чакаўшыя грошай трацілі цярплівасць; атрымаўшы, патрабавалі даплаты за сваіх коняй; а бадзягі, выгнаннікі, надзеўшы на сябе ўзбраенне воіна, запэўнялі, што на іх забываюцца. Кожную хвіліну, быццам віхор, наляталі натоўпы людзей; палаткі трашчалі, валіліся; натоўп, сціснуты паміж умацаваннямі лагера, з гучным крыкам калыхаўся ад увахода да сярэдзіны.
Ледзь сцямнела, Спендзі падняў ужо засынаўшых лібійцаў. Ён сказаў ім:
— Калі лігуры, грэкі, балеары і тубыльцы Італіі атрымаюць пенсію, яны вярнуцца дадому. Але вы, усе астатнія, вы застанецеся тут, у Афрыцы, раскіданыя па сваіх плямёнах, без усякай абароны. Вось тады рэспубліка вам адпомсціць. Сцеражыцеся зваротнага шляху. Ці можа вы верыце ўсім іхнім добрым прамовам? Вы забыліся на востраў, пакрыты касцмі падманам высаджаных на яго і памершых там з голаду наёмнікаў, якія думалі, што іх вязуць на бацькаўшчыну; успомніце Ксантыпа, якога карфагеняне адправілі ў Спарту на прагніўшай галеры.
— Што-ж нам рабіць? — пыталіся яны яго.
— Падумайце самі добра аб гэтым, — гаварыў Спендзі.
Наступныя два дні прайшлі ў аплаце воінаў з Магдалы, Лепціса, Гекатомпіля; Спендзі тым часам падбухторваў галаў.