Старэйшыны сустракаліся, абнімаліся і прыціскалі адзін аднаго да грудзей. Яны абкружылі Гамількара, вітаючы яго; можна было прыняць іх за братоў, якія сустрэліся пасля доўгага развітання.
Амаль усе гэтыя людзі былі прысадзістыя, з гарбатымі насамі, як у асірыйскіх коласаў. У некаторых, між іншым, выпукленыя скулы, высокі стан, больш вузкая нага выкрывалі афрыканскае паходжанне, ад продкаў-вандроўнікаў. Тыя, што бязвыхадна сядзелі ў глыбіні сваіх кантор, мелі блядыя твары; іншыя быццам захавалі на сабе суровасць пустыні, і дзіўныя каштоўнасці паблісквалі на ўсіх пальцах іх рук, апаленых сонцам невядомых краін. Маракоў лёгка было пазнаць па раскачвальнай хадзе, тады як земляробы ўносілі з сабою пах вінаграднага прэсу, сена і поту ўючнай жывёлы. Гэтыя старыя піраты выраблялі цяпер палі, былыя мянялы і ліхвяры знараджалі караблі, а ўладары памесцяў трымалі рабоў, былі вельмі хітрыя, бязлітасныя і багатыя. Яны здаваліся стомленымі доўгімі клопатамі. Недаверліва глядзелі іх вочы, поўныя агня; прывычка да падарожжаў і падманаў, да гандля і ўлады надавала ім выгляд крывадушнасці і лютасці і нейкай асцярожнай і сударагавай грубасці.
Амаль скрозь пакрыты рознымі кветкамі, васмісвечны залаты кандылябр гарэў на апошняй з даўгіх сходак лесвіцы, якія вялі да вялікага ахвярніка з рагамі з бронзы па вуглах. У глыбіні залі, пад кандылябрамі і на шмат вышэй ахвярніка, стаяў Малох, цалкам з жалеза, з чалавечымі грудзямі, у якіх ззялі адтуліны. Раскрытыя крылы яго прасцерліся па сцяне, выцягнутыя рукі апускаліся да самай падлогі; тры чорных камяні ў жоўтым колцы на лобе азначалі тры зрэнкі; і быццам рыхтуючыся замычэць, ён страшэннай намогай падняў уверх сваю велізарную бычыную галаву.
Заля была такая высокая, што чырвоныя сцены здаваліся чорнымі ля скляпення і тры вока ідала віднеліся зусім высока, як зоркі, што губляюцца ў цемры начы.
Старэйшыны селі на лаўкі, што змяшчаліся вакол сцен, і пакрылі галовы поламі сваіх вопратак.
Пасярэдзіне залі, спіной адзін да аднаго, сядзелі чатыры жрацы галоўных бостваў Карфагена на чатырох сядзеннях са слановай касці размешчаных накрыжак. Вярхоўны жрэц Эшмуна быў у зялёнай вопратцы, жрэц Таніты — у вопратцы з белага ільну, Камона — з бурай воўны і Малоха — барвянай.