Каменны круг з краткамі, які падтрымліваў наваленыя на дываны падушкі, стаяў пасярэдзіне.
Суфет пачаў шпарка хадзіць вялікімі крокамі ўзад і ўперад. Ён шумна дыхаў, топаў нагой аб зямлю і праводзіў рукой па ілбу, быццам адганяючы надакучлівых мух. Але нарэшце, трасянуўшы галавой і заўважыўшы купы сваіх багаццяў, ён супакоіўся; выгляд знікаючых у глыбіні праходаў напомніў яму другія залі, поўныя яшчэ больш рэдкіх багаццяў. Пласцінкі бронзы, зліткі срэбра і палосы жалеза чаргаваліся з кавалкамі волава, якія былі прывезены з Касітэрыдаў па Змрочным моры; розныя смолы з краіны чорных людзей выступалі з мяшкоў з пальмавай кары; і залаты пясок, набіты ў бурдзюкі, непрыкметна рассыпаўся праз старыя швы. Тоненькія жмуткі морскіх траў віселі паміж ільном з Егіпта, з Грэцыі, Тапробаны і Іудэі; каралы, быццам развесістыя кусты, шчацініліся каля асноваў сцен; невыразны пах насіўся ў паветры; выпарэнні пахнючасцей, скур і стравусавых пер’яў, звязаных вялікімі букетамі і падвешаных каля самага скляпення. Перад кожным праходам, утвараючы арку над дзвярыма стаялі ля касякоў слановыя клыкі, якія былі злучаны ўверсе канцамі.
Гамількар падняўся на каменны круг. Навокал стаялі, са складзенымі крыжамі і з апушчанымі рукамі, усе яго кіраўнічыя, і толькі Абдолонім, старэйшы дамакіраўнік, з пагардным выглядам падняў сваю востракутную мітру.
Гамількар пачаў распытваць начальніка караблёў. Гэта быў стары марак з вывернутымі ад заўсёдашняга знаходжання пад ветрам павекамі; белае клочча яго барады спускалася да самых кален, як быццам бура навекі пакінула на барадзе яго мокрую пену.
Ён адказаў, што пасланыя ім караблі падняліся па рэчках скіфаў, прабраліся да юграў, эстаў у Колхіду, скралі ў Архіпелага 1500 дзяўчат і патапілі ўсе чужаземныя караблі, якія пераплылі за мыс Эстрымона, каб заставалася сукрытай таямніца шляхоў. Знізіўшы голас, стары марак паведаміў, што ў Рузыкадзе адну з трырэн захапілі нумідзійцы.
— Бо яны таксама на іх баку, гаспадар.
Гамількар насупіў бровы; пасля знакам загадаў гаварыць начальніку караванаў, у даўгой карычневай вопратцы без пояса.
Караваны, як заўсёды, выступалі ў зімовыя роўныя дні. Але