трыма ніткамі, на якія былі надзеты кулькі з золата, серабра і рога — гэта быў фінікійскі лічыльнік.
Гамількар слухаў яго, цікавячыся самымі маленькімі дробязямі хатняй гаспадаркі і ўспакойваючыся аднастайным голасам, які пералічваў лічбы; але вось Абдаланім пачаў усё павольней і павольней. Раптам ён выпусціў драўляныя дошчачкі з запісамі і кінуўся сам на зямлю ніцма, выцягнуўшы рукі ў паставу асуджанага. Гамількар спакойна падняў дошчачкі; губы яго раскрыліся і вочы расшырыліся, калі ён убачыў на рахунку расходаў за адзін толькі дзень неймаверную колькасць мяса, рыбы, птушкі, він і пахнючасцяй, а таксама і мноства разбітых ваз, памёршых рабоў, папсаваных дываноў.
Не ўстаючы з зямлі, Абдаланім расказаў яму аб балі варвараў. Ён не мог не паслухаць старэйшын.
— Устань, — загадаў яму Гамількар і спусціўся ўніз з узвышэння.
Абдаланім пайшоў за ім; калены яго дрыжэлі, Але, схапіўшы раптам жалезную палоску, ён, як звар’яцелы, пачаў паднімаць пліты падлогі. І раптам перад ім, уздоўж усяго прахода, паказаўся рад ямін, куды складалася ў карфагенян збожжа.
— Ты бачыш, вока ваала, яны яшчэ ня ўсё ўзялі. Яны вельмі глыбокія і да самага верху поўныя. Пакуль цябе не было, я загадаў выкапаць іх усюды. Дом твой поўны збожжам, як сэрца мудрасцю.
Усмешка прабегла па твары Гамількара.
— Добра, Абдаланім.
Пасля, нахіліўшыся, сказаў яму на вуха:
— Вывозь, колькі будзе магчыма, з Этрурыі, Бруцыума, адкуль захочаш, і па якіх хочаш цэнах. Павялі і хавай. Трэба, каб мне належыла, мне аднаму, усё збожжа Карфагену.
Разам з Абдаланімам Гамількар пайшоў на галерэю, якая колцам абкружала ўвесь будынак і на якую выводзілі ўсе праходы. Яны параўняліся з напалову расчыненымі дзвярыма.
Воблака прыемна пахнучай пары ахутала іх.
— Штурхні дзверы.
Яны ўвайшлі.
Голыя людзі мясілі тут розныя саставы, расціралі травы і мяшалі вуголле, разлівалі маслы па збанкох, адчынялі і зачынялі