данне прынесці яе ў ахвяру багам. Кожны дзень невядомыя людзі натоўпам урываліся ў сады Мегары; рабы, баючыся за сваё жыццё, не адважваліся іх разганяць. Між іншым, людзі гэтыя не ішлі далей сходак галер. Яны стаялі ўнізе, падняўшы галовы да верхняй пляцоўкі палаца; яны чакалі Саламбо, — і па цэлых гадзінах крычалі, выклікаючы яе, як сабакі, якія брэшуць на месяц.
Крыкі карфагенскай чэрні не палохалі дачку Гамількара. Яе непакоілі іншыя турботы.
Вярхоўны жрэц Таніты, Шахабарым, былы яе настаўнік, расказаў ёй, у якой небяспецы знаходзіцца яе бацька, суфет Гамількар, абложаны трыма войскамі пад кіраўніцтвам Мато; у заключэнне ён дадаў, што выратаванне рэспублікі і бацькі залежыць ад яе аднэй.
— Ад мяне? — ўскрыкнула яна. Ды што-ж я магу?..
Але жрэц ўсміхнуўся пагардліва:
— Усё роўна ты ніколі не адважышся на гэта.
Яна пачала яго прасіць. Нарэшце, Шахабарым сказаў:
— Ты павітна пайсці ў лагер варвараў і ўзяць назад заімф.
Саламбо апусцілася на лавачку са слановай касці, выцягнуўшы бяссільна рукі на каленах, уздрыгваючыся ўсім целам, як ахвяра на падножжы алтара.
Тры дні Шахабарым не прыходзіў да яе. Увечары чацвертага дня яна паслала за ім сама.
Каб яшчэ больш распаліць яе сэрца, ён расказаў ёй аб усіх абвінавачаннях, якія выкрыквалі на Гамількара ў Савеце; ён гаварыў ёй, што яна вінавата, што яна павінна адпакутваць свой учынак, што сама Таніта патрабуе ад яе гэтай ахвяры.
— Ты гатова? — запытаўся ў заключэнні жрэц, — ці хочаш, каб твайму бацьку сказалі, што ты яго пакідаеш на пагібель?
Яна закрыла твар пакрывалам.
Невыразны жах утрымліваў яе; яна баялася Малоха, баялася асабліва Мато, гэтага велікана, які ўладаў заімфам і тым панаваўшага над Танітай, як і сам Ваал. Яна бачыла ў ім уваплачэнне бога-ўсезруйнавальніка, спрадвечнага ворага ўсяго жаночага пачатку — Таніты. І Малох, і Мато зліліся ў адзін вобраз, яны ўдвох вечна праследвалі яе ў думках. Ды і сам Шахабарым — ці не гаварыў ён, што перамогай над Мато яна пераможа Малоха?