— Хто ты? — запытаўся Мато.
Яна павольна азіралася навакол, не адказваючы; узрок яе спыніўся ў глыбіні, дзе на ложы з пальмавых галін нешта блакітнае, пабліскваючы, ляжала, спускаючыся на зямлю.
Яна ірванулася туды. З грудзей яе вырваўся ўзгалосак. Мато ззаду тупнуў нагой.
— Хто прывёў цябе? Навошта ты прышла?
Яна адказала, паказаўшы на заімф.
— Каб узяць яго!
І другой рукой сарвала са свайго твара пакрывала. Ён адхіснуўся ўсім целам назад, раскрыўшы ў здзіўленні вусны, амаль з жахам гледзячы на яе.
Ахопленая імпэтам, гледзячы яму ў вочы, Саламбо папрасіла вярнуць ёй заімф; у гарачых і палкіх прамовах яна патрабавала яго звароту.
Мато не слухаў, ён у захапленні разглядаў Саламбо, і адзенне на ёй злівалася, здавалася яму, у адно з яе целам. Пералівы на тканінах, як і бліск яе скуры былі чымсці надзвычайным, ёй аднэй толькі ўласцівым. Вочы, як дыяменты, рассыпаныя па ёй, іскрыліся; пазногці блішчэлі, зліваючыся з бліскам каштоўных каменняў, якія пакрывалі яе пальцы. Завушніцамі служылі маленкія сапфіравыя вагі, якія падтрымлівалі выдаўбленыя перлы, налітыя вадкімі пахнючасцямі. Працякаючы кропля па кроплі скрозь адтуліны ў перлах, яны падалі, увільгатняючы голыя плечы, Мато сачыў за тым, як яны капалі.
Узяўшы за рукі, ён ціха прыцягнуў яе бліжэй да сябе і сеў на панцыр, побач з ложам з пальмавых галін, пакрытых ільвінай скурай. Яна стаяла перад ім. Мато глядзеў на яе зьнізу ўверх, паўтараючы:
— Якая ты дзівосна прыгожая! Якая ты прыгожая!
Мато ўсё трымаў яе маленькія рукі ў сваіх: і яна часамі адварочвалася і старалася адпіхнуць яго, вырываючы свае рукі. Ён глыбока ўдыхаў пахі, якія зыходзілі ад яе. Нешта неаб’ясняльнае свежае і адначасова адураючае, як дым курэнняў, было ў ім.
Але як яна апынулася ў яго тут, у палатцы, у яго ўладзе? Нехта, мусіць паслаў яе сюды! Няўжо яна прышла толькі дзеля заімфа? Рукі яго апусціліся, ён схіліў галаву, ахоплены раптоўна цяжкім раздум’ем.