Старонка:Літаратура 1923.pdf/7

Гэта старонка не была вычытаная

З 1909 году ён быў кіраўніком літаратурнага аддзелу «Нашае Нівы», у якой шмат зьмяшчаў сваіх твораў. У Вільні-ж Ядвігін Ш. выдаваў некалькі гадоў і самастойную беларускую часопісь «Беларус».

Далей праца Ядвігіна Ш. цягнецца ў Менску, дзе ён таксама прымаў гарачы ўдзел ва ўсіх беларускіх пэрыядычных выданьнях і нейкі час быў кіраўніком сялянска-гаспадарчага журналу ў беларускай мове «Саха».

У часе нямецкай вайны Ядвігін Ш. з вялікім посьпехам працаваў у шмат якіх менскіх беларускіх арганізацыях.

У апошнія гады літаратурная і грамадзянская праца Ядвігіна Ш. спынілася з прычыны яго хворасьці.

Ядвігін Ш. належыць да пакаленьня культ. белар. працаўнікоў 80-х і 90-х гадоў мінулага сталецьця.

Літаратурная праца яго пачалася, як ужо адзначана вышэй, яшчэ ў часы яго студенцтва.

Ядвігін Ш. мае вялізарную значнасьць для беларускай літаратуры, як гумарысты, як аўтор казак-легенд, сатырыстычных алегорый, а таксама і як аўтор сур'езных псыхолёгічных апавяданьняў, у якіх адбілася яго глыбобая і трагічная душа.

Як гумарысты, Ядвігін Ш. займае адно з першых месц у беларускай літаратуры. У яго творах мы бачым праўдзівы беларускі гумар. Часамі ён асьмейвае і селяніна (напр., у апавяданьні «З маленькім білецікам»), але ва ўсіх апавяданьнях яскрава праглядвае яго шчырае спагаданьне і вялікая любоў да яго.

Гумар вельмі часта сустракаецца ў яго творах і надта аздабляе іх.

Як аўтор казак-легэнд і сатырыстычных алегорый, Ядвігін Ш. таксама мае вялікую вартасьць. Жывасьць ёмкай беларускай мовы: прыказкі і вострыя слоўцы-усё гэта надта павялічвае каштоўнасьць гэтых яго твораў.

Але ўсе апавяданьні адзначанага зьместу трэба аднесьці да твораў для масы. Найвялікшую-ж вартасьць для беларускай літаратуры маюць тыя творы Ядвігіна Ш., у якіх чуваць крык яго ўласнай душы, у якіх выкаваны думкі, вырваўшыяся інстынктыўна з яго сэрца.

Да такіх яго твораў належаць апавяданьні: «З бальнічнага жыцьця», «Зарабляюць», «Дуб-дзядуля», вершы ў прозе - «Раны» і «Васількі> і інш.

На жаль, твораў адзначанага зьместу ў Ядвігіна Ш. мала.

Наогул, трэба сказаць, што ўсё, напісанае Ядвігіным Ш., вельмі ўзбагаціла беларускую літаратуру і прыдбала нябошчыку пачэснае месца ў плеядзе беларускіх пісьменьнікаў і песьняроў.

Я. Журба.