Старонка:Літоўска-Беларуская дзяржава ў пачатку XVI сталецьця.pdf/11

Гэта старонка не была вычытаная

пісаны ў Гародлі, хацелі прыцягнуць літоўцаў да ўдзелу ў абраньні караля, але літоўцы адмовіліся паехаць на абраньне, бо добра ведалі, што гэты ўдзел быў-бы з іх боку прызнаньнем абавязкавае моцы гарадэльскага акту. Пасьля таго, як абралі за караля Яна Альбрэхта, вялікі князь Аляксандар, замест акту субмісіі, выправіў паслоў прывітаць брата і прыпомніць яму, аб сяброўстве іх дзяржаў, якія ў часы іх нябожчыка бацькі заўсёды дапамагалі ядна другой супроць замежных ворагаў. Такім чынам, замест былое вуніі, літоўцы атрымалі толькі фактычны сяброўскі саюз Польшчы і Літвы.

Абставіны, аднак, хутка прымусілі Літву аднавіць Гарадэльскую вунію з Польшчай. На Літоўска-Беларускую дзяржаву напала Масква, якая аб'яднала навокал сябе ўсё паўночна-ўсходняе славянства; у выніку гэтага нападу Літоўска-Беларуская дзяржава страціла частку Смаленскіх і Віцебскіх зямель і тых княстваў, што былі на берагох верхняе Акі. У той самы час крымскія татары пачалі нязвычайна нішчыць паўднёвыя краіны вялікага княства Літоўскага і Польшчы. Да іх далучыліся туркі (1498), якія страшэнна зьнішчылі Падольле і Галічыну, забраўшы да 100.000 у палон. Пасьля даўгіх перамаўленьняў аб аднаўленьні вуніі, без парушэньня гонару абедзьвух дзяржаў, вунія была адноўлена на аснове Гарадэльскага акту (1499). Але неўзабаве стала ясна, што такая вунія мала забясьпечвала і Літве і Польшчы ўзаемнае падтрыманьне, узгодненасьць у справах, калі яны, як і раней, заставаліся паасобку і ня злучаліся ў адну дзяржаву з адным урадам. У часе змаганьня, якое пачалося зноў з Масквой, палякі не далі ніякае дапамогі Літве, бо рыхтаваліся ў той час да паходу на туркаў і павінны былі адбівацца ад нападаў з боку крымскіх татар. Таму, як толькі памёр кароль Ян Альбрэхт (1501), літоўскі сойм, што сабраўся ў Горадні, выправіў паслоў на польскі абіральны сойм, прапануючы кандыдатуру князя Аляксандра і даўшы паслом поўнамоцтвы на ўкладаньне новае вуніі. Дзякуючы падтрыманьням літоўцаў Аляксандар атрымаў перамогу над іншымі прэтэндэнтамі на Польскую карону. Разам з гэтым улажылі больш блізкую вунію з Польшчай. Умовіліся, што Польшча і Літва будуць надалей мець аднаго агульнага гаспадара, якога будзе абіраць агульны Польска-Літоўскі сойм; абраны гаспадар будзе пацьвярджаць правы і вольнасьці абедзьвух дзяржаў, якія павінны мець агульную монэту і супольна весьці замежную політыку; суды і ўрады застаюцца паасобку. І гэтая вунія ня зьдзейсьнілася. Умова была пацьверджана прысягаю членаў польскага сойму, а з літоўскага боку яе пацьвердзіў вялікі знязь Аляксандар і тыя паны, якія былі з ім у Мельніку, дзе ён чакаў вырашэньня справы. Аляксандар дакляраваў, што прысягнуць і ўсе яго падданыя і выдадуць адпаведныя, замацаваныя пячаткамі, запісы, а гэтага, аднак, ён не здалеў зрабіць. Вайна з Масквой перашкаджала склікаць сойм, а пасьля таго, як яна скончылася, літоўцы ўжо ня спрыялі вуніі. Палякі не дапамаглі ім у часе вайны, і Літва нанесла вялікія тэрыторыяльныя страты, аддаўшы Маскве, паводле ўмовы 1503 году, палову Смаленскае зямлі, княствы, што былі на берагох верхняе Акі, і зямлю Чарнігава-Северскую. Літоўцы адмовіліся ратыфікаваць умову 1501 году, захаваўшы толькі пэрсональную вунію з Польшчай; літоўцы ня лічылі, што яны зьвязаны і ўмовамі Гарадэльскага акту. Калі памёр кароль Аляксандар (1506), літоўцы, не зьвяртаючыся да палякаў, абралі разам з усімі землямі, што належылі да вялікага княства, на вялікае князяваньне брата Аляксандра — Жыгімонта. Каб захаваць хаця-ж бы персональную вунію, палякі абралі Жыгімонта каралём польскім. Лічачы вялікае княства зусім незалежнай дзяржавай, літоўцы, ня пытаючыся палякаў провізорна абралі на