Старонка:Літоўска-Беларуская дзяржава ў пачатку XVI сталецьця.pdf/12

Гэта старонка не была вычытаная

сойме 1522 году вялікім князем, на выпадак, калі-б памёр Жыгімонт, сына яго — Жыгімонта Аўгуста, а потым урачыста пасадзілі яго на вялікае князяваньне (1529). Каб выратаваць пэрсональную вунію з Літвой, палякі ў наступным годзе абралі Жыгімонта Аўгуста каралём, так што стала два каралі — стары і малады.

Такім чынам, вунія ня зьдзейсьнілася ні ў тых формах, як яе задумалі ў 1385 і 1501 гадох і, ізноў-жа, ні ў тых формах, як яе ўтварылі ў Гародлі ў 1413 годзе. Замест вуніі, вызначанай на паперы, стала фактычная пэрсональная вунія вялікага княства Літоўскага з каронай Польскай, якая зьявілася як вынік імкненьня палякаў папярэдзіць аддзяленьне Літвы шляхам абраньня аднаго агульнага з літоўцамі гаспадара.

Сумеснае жыцьцё вялікага княства Літоўскага з Польскім каралеўствам, якое было выклікана вонкавымі прычынамі, мала дапамагло Літве ў барацьбе з замежнымі ворагамі. Польшча атрымала значную дапамогу ад вялікага княства ў барацьбе з прускім ордэнам, але Літва павінна была змагацца з сваімі ворагамі пераважна адна, і з прычыны гэтага павінна была ўсімі спосабамі павялічваць клясу вайскоўцаў. У ХѴ і пачатку XVI сталецьця адбываўся вялікі набор на службу ў войска дзеля павялічэньня таго асноўнага контынгенту, які складаўся з князёў, а таксама з баяр літоўскіх і з іншых зямель вялікага княства. На вайсковую і баярскую службу залічалі шмат заможных сялян у гаспадарскіх маёнтках. Вялікі лік гэтых заможных сялян залічалі слугамі путнымі, панцырнымі, шчытнымі, коннымі і іншымі, якія таксама адбывалі службу ў войску. Адначасна з гэтым раздаваліся землі вайскоўцам на розных умовах - на „вечность", у "вотчину", да „жывота“, „да двух животов“, „да воли господарское" і г. д. Набор у войска рабіў ня толькі гаспадар, але і буйныя зямляўласьнікі, якія, згодна з агульным палажэньнем, павінны былі ісьці на вайну не асабіста толькі, а з пэўным лікам узброеных слуг - „пахолков“, у залежнасьці ад велічыні маёнтку. Замежная барацьба выклікала вялікае імкненьне здабыць матар'яльныя і фінансавыя сродкі. Апроч звычайнага збору даўнейшых падаткаў і мыта, літоўскі ўрад пачаў практыкаваць сыстэму пасэсіі ў розных галінах гаспадаркі: аддавалі, напрыклад, на пасэсію карчмы, мытны збор, распрацоўку лясных матар'ялаў і г. д. Маючы на мэце разьвіцьцё прамысловасьці і гандлю ў гарадох, літоўскі ўрад пачаў надаваць горадом самакіраўніцтва, паводле Майдэборскага права, і браць з гарадоў за гэты прывілей пэўны „плат". Але ўсіх гэтых сродкаў не хапіла, каб здаволіць дзяржаўныя патрэбы, і ўрад прымушаны быў рабіць пазыкі ў прыватных асобу паноў і яўрэяў, забясьпечваючы іх прыбыткамі з гаспадарскіх маёнткаў і іншых крыніц, а, урэшце, даводзілася карыстацца субсыдыямі ад зямляўласьнікаў вялікага княства, выпрашваючы гэтыя субсыдыі на вальных соймах.

Але, хаця ж вунія Польшчай мала зьмяніла вонкавае палажэньне Літоўска-Беларускае дзяржавы, затое яна зрабіла моцны ўплыў на ўнутраную фармоўку яго. Раней за ўсё ўмовы вуніі формальна і канчальна замацавалі прынцып абіральнасьці вялікага князя. Умовы прадугледжвалі абраньне вялікага князя на сойме літоўскіх вяльмож, з пэўным удзелам польскага караля і сойму. Гэты ўдзел не заўсёды ажыцьцяўляўся, але абраньне на літоўскім сойме адбывалася сваім парадкам. З канца ХV сталецьця ў гэтым абраньні пачалі прымаць удзел, як ужо было адзначана, князі і баяры беларускіх і украінскіх зямель, якія на той час атрымалі аднолькавыя з літоўцамі правы і вольнасьці.