Старонка:Літоўска-Беларуская дзяржава ў пачатку XVI сталецьця.pdf/4

Гэта старонка не была вычытаная

У першую чаргу, калі яшчэ жыў Мендаўг, падпарадкавалася літоўскім князем Чорная Русь. У канцы ХІІІ і ў пачатку XIV сталецьця Полацак пачаў прымаць да сябе літоўскіх князёў на князяваньне, крыху пазьней - Віцебск (1320), яшчэ крыху пазьней — літоўскія князі падпарадкавалі сабе Менскае княства, Друцкае і заўладалі ўсімі валасьцямі, што ў вадазборы Бярозы і яе прыток, Сярэдняга Дняпра і Сажа. Полацкае і Віцебскае княствы захавалі і пад уладай Літвы сваю ранейшую паасобнасьць і ўнутраную самастойнасьць, але рэшта княстваў і валасьцей моцна зраслася з асноўным дзяржаўным асяродкам Літвы. Вялікім княствам Літоўскім пачало празывацца з таго часу злучэньне Літвы, Чорнае і Белае Русі (апроч Полацку і Віцебску).

Такім чынам, вялікае княства Літоўскае з першых дзён свайго іскаваньня было ўжо ня літоўскай толькі, але літоўска-беларускай дзяржавай. Рэч у тым, што, дзякуючы блізкім жыцьцёвым зносінам з Беларусьсю, Літва знаходзілася пад моцным уплывам беларускае культуры і грамадзкасьці. Гэты ўплыў адбіўся раней за ўсё на вярхох літоўскага грамадзянства. Літоўскія князі пачалі будаваць сваё княства паводле беларускіх прыкладаў, уводзіць на Літве беларускія парадкі і ўстановы, беларускую офіцыяльную мову і г. д. У беларускай грамадзкасьці яны мелі магчымасьць здабыць больш сіл і сродкаў дзеля ўзмацненьня свае ўлады над грамадзянствам, чымся ў літоўскай. На Беларусі ўжо ўсталяваліся пэўныя і сталыя службовыя адносіны паміж князямі і іх дружынамі. Гарадзкое і вясковае насельніцтва было зьвязана з князем пэўнымі і сталымі падатковымі і рознымі іншымі павіннасьцямі. Тут жа да паслуг князёў была і наладжаная адміністрацыя, пэўныя пасады і годнасьці, з дапамогай якіх узмацнялася князёўская ўлада над грамадзянствам. На Літве ўсё гэта мела яшчэ характар чагось пачатковага і нясталага, а таму, зразумела, што літоўскія князі першыя апынуліся пад беларускім уплывам. Некаторыя паміж іх, напрыклад, Вайшэлк, сын Мендаўга, прымалі хрысьціянства. З іх брала прыклад літоўская арыстократыя, вайскоўцы, зямляўласьнікі, якія атрымалі найменьне баяр; знаходзіліся пад уплывам беларускае культуры, і нават асіміляваліся з беларускім племем і народныя гушчы Літвы, асабліва там, дзе ў гэтыя гушчы трапляла беларускае насельніцтва. Як вынік гэтага тэрыторыя беларускага плямя павялічылася ў сваіх памерах за кошт асноўнае літоўскае тэрыторыі. Беларусізаваньне Літвы дапамагала ў значнай меры далейшаму пашырэньню яе дзяржаўнае тэрыторыі за кошт беларускіх і украінскіх зямель. Справа ішла цяпер аб далучэньні да плямя ня зусім чужога, прынамсі ў вышэйшых сваіх колах, і ў кожным выпадку не варожага да беларускага складу жыцьця. І вось адна за другой, без асаблівых труднасьцяй, далучаюцца да Літвы беларускія і украінскія землі. Вялікі князь Гедымін у 1315 годзе забраў у валынскіх князёў Берасьцейскую зямлю з Падлясьсем, заўладаў потым Турава-Пінскім і Кіеўскім Палесьсем. У часы наступніка Гедыміна - Альгерда (1341—1377) далучаюцца да Літвы Валынь і Падольле, землі Кіеўская і Чарнігава-Северская; У часы Вітаўта - зямля Смаленская і княствы, што на берагох верхняе Акі. Беларускія і украінскія землі, будучы падзелены на дробныя княствы, страціўшы сваю моц, дзякуючы татарскім пагромам і хатнім нязгодам, ня толькі не перашкаджаюць пашырэньню літоўскае ўлады, але ў большасьці выпадкаў самі ідуць насустрач Літве, шукаючы там абароны ад татар, ад нападу з усходу і поўначы, спадзяючыся знайсьці там унутраны спакой. З свайго боку, Літва, якую нішчаць крыжакі сваімі штогоднымі "рэйзамі" у яе межы, шукае павялічэньня сваіх сіл у беларускіх землях і ў пашырэнькі свае тэрыторыі за іх кошт.