Старонка:Літоўска-Беларуская дзяржава ў пачатку XVI сталецьця.pdf/5

Гэта старонка не была вычытаная

Агульны націск з усіх бакоў, зразумела, павінен быў, урэшце, злучыць Літву і Беларусь у вадну дзяржаву пад вярхоўнай уладай вялікага князя Літоўскага. Дзякуючы свайму географічнаму палажэньню гэтае княства найменш цярпела ад вайсковых нападаў, мела магчымасьць густа засяліцца і стаць самым мацнейшым спаміж іншых літоўскіх княстваў.

Характар аб'яднаньня адбіўся на ўнутранай будове новае Літоўска- Беларускае дзяржавы. Землі і княствы, што далучыліся, у большасьці выпадкаў ня трацілі асаблівасьцяй свайго быту. У некаторых княствах заставаліся даўнейшыя князі, якія і далей разам з баярамі кіравалі мясцовым грамадзянствам, як васалы вялікага князя Літоўскага, абавязаныя яму вайсковай службай і падаткамі. Буйныя кавалкі зямлі і княствы вялікі князь аддаваў звычайна сваім крэўным, якія кіравалі імі "да волі" вялікага князя, павінны былі быць у яго ў пакоры ды паслухмянстве, абавязаны былі прыяжджаць да яго "на думу" у важных дзяржаўных справах, ісьці на вайну разам з узброенай дружынай з сваіх абшараў і плаціць вялікаму князю падаткі. Але, апроч гэтага, ніякіх іншых зьмен не адбывалася ў палажэньні і ладзе памянёных зямель і княстваў. Літва не чапала іх старасьветчыны, іх хатняга складу і звычаяў, і літоўскія князі і далей кіравалі імі, як і іх папярэднікі, з тымі самымі баярамі і слугамі. У сутнасьці справы Літоўская дзяржава ў XIV сталецьці складала з сябе не адзіны політычны організм, а была конглёмэратам зямель і ўладаньняў, аб'яднаных пад вышэйшай уладай вялікага князя Літоўскага, сымбіоз некалькіх політычных організмаў; такі характар яны ў пэўнай ступені захоўвалі і далей. У канцы XIV і ў першай палове XѴ сталецьця вялікі князь меў магчымасьць пераканацца ў тым, што аддаваць буйныя кавалкі зямлі і княствы пад кіраўніцтва князём, сваім крэўным, няма карысьці і нават небясьпечна. Гэтыя князі неаднакроць выяўлялі непакору вялікаму князю, узьнімалі супроць яго бунты і паўстаньні, якія пагражалі распадам вялікаму княству. Урэшце, вялікі князь прымушаны быў зьліквідаваць вялікія краёвыя княствы, зьняць адтуль князёў, сваіх крэўных, і замяніць іх намесьнікамі вялікага князя. Але і гэтая зьмена не адбілася на стане беларускіх і украінскіх краін. Каб замірыць гэтыя краіны ім былі выдадзены граматы, якія досыць стала гарантавалі непарушнасьць іх старасьветчыны, як даўнейшыя правы і вольнасьці, гэтак і новыя, якія надаваў у той час вялікі князь Літоўскі.

У такіх умовах Літоўска-Беларуская дзяржава набыла фэдэралістычны характар. Навокал яе цэнтральнага асяродку — вялікага княства Літоўскага, як такога, згрупаваліся краіны і княствы, якія захавалі асаблівасьць свайго ўнутранага жыцьця. Такімі былі землі: Жамойцкая, Полацкая, Віцебская, Смаленская, Кіеўская, Валынская з Падольлем, Падлясьсе таксама княствы: Слуцкае, Амсьціслаўскае, Палескае і Чарнігава-Северскае.

У склад вялікага княства Літоўскага ўваходзілі: Літоўская зямля, як такая, частка Беларусі (апроч Полаччыны і Віцебшчыны) і зямля Берасьцейская (без Падлясься). Краіна гэтая займала галоўнае палажэньне ў Літоўска-Беларускай дзяржаве. З боку гушчыні насельніцтва гэта была самая людная краіна спаміж усіх іншых зямель; тут было згрупавана найбольш маёнткаў вялікага князя, а таксама пераважна тут знаходзіліся маёнткі літоўскага магнацтва князёў Гальшанскіх, паноў Гаштольдаў, Радзівілаў, Заберазінскіх і іншых; гэтая краіна адрозьнівалася ад іншых краін сваімі ўнутранымі парадкамі, сваімі звычаямі, сваім мясцовым правам. Яе вайсковыя сілы мобілізаваліся ў асобныя палкі, на чале якіх стаялі ваяводы Віленскі і Троцкі. Усе адміністрацый-