Старонка:Маладая Беларусь (1912—1913). Сшытак 3.pdf/128

Гэта старонка не была вычытаная

Гдзе тые песьні той радасьці поўные,
Лес што глушылі сабой?
Рэчак журчаньня гдзе тые чароўные,
Ціха лілісь што вясной?

Гдзе тые краскі, так пекна цьвітучые
Луга бязмерна краса?
Ўсе асавелі, павялі пахучые,
Іншых скасіла каса…

Гдзе тая траўка, што так зелянелася
Пекнасьцю дзіўнай сваей?
Восеняй нуднай уся памарнелася:
Холадна стала і ей…

Гдзе тые неба пагляды вясёлые,
Ласкай што грэлі зямлю?
Толькі ўсё хмары плывуць невясёлые,
Точаць ўсё душу маю…

Ў высі далёкай там крыкі разносяцца
Бедных мандроўцаў — гусей…
Ў душу маю так бяздомные просяцца
Крыкі краіны дзяцей.

Ўсім ім растацца с краінай ня хочэцца,
Ўсе яны плачуць па родным гняздзе.
Холад назад не пускае варочацца!
Ён іх ў чужыну вядзе…

Нудные нівы ўвакруг расцілаюцца,
Ровамі йржышчэ блішчыць;
Ў серцы сваём ўсё чагось спадзеваюцца,
Беднае сэрцэ па нечым баліць!

Землю туманы пакрылі, як сеткаю,
Ветры садралі із дрэўцаў убор;
Ўсё памарнела пад чорнай наметкаю,
Сьціх, прытаіўся і бор…

|}