Старонка:Маладая Беларусь (1912—1913). Сшытак 3.pdf/20

Гэта старонка не была вычытаная

Крошын перайшоў да кн. Антоніны Радзівілл, каторая вышла замуж за простаго шляхціца Станіслава Юрагу. Расказывалі, што гэта быў бедны шляхціц: дзякуючы толькі блізкай прыязьні с князём Константынам Радзівіллам, ажаніўся з яго сястрой Антонінай каля 1822 г. Прыехаўшы у Крошын, Юрага пачаў завадзіць асобные парадкі.

Першым чынам патрэбаваў дакумэнтоў у жыхароў Крошына на тое, ці яны селяне, ці мешчане і якім правам валадзеюць зямлёй? Шмат, хто назваў сябе мешчанамі, мелі дакументы і паказалі іх Юразе. Ён, разгледзіўшы іх, сказаў селянам, што дакумэнты благіе і немаюць сілы, нават суліў вярнуць раней заплочэные за іх у двор грошы. Прыгэтым Юрага пачаў, каморнікамі, мерыць зямлю і адбіраць яе сілай.

У гэту спорку умешалося начальство. У Юрагі сіла была вялікая. Яго швагер кн. Радзівіл быў Новагрудзкім маршалкам шляхты. Доўга цягнулася справа. Яна кончылася у Гродні у Губэрнскім Праўленьні у 1826 гаду, 29 лютаго, дзе было прызнана, што крошыняне усе мужыкі, а не мешчане і што непраўна валадзеюць панскай зямлёй, не плацючы падаткоў і не адбываючы паншчыны. У гэтай справе многа працаваў для селян Камінскі, каторы раней вучыўся у Крошынскай школе. Быў іх хадатаем, адвакатам, паверэнным. Ён жэ і ў турме сядзеў.

Пастанаўленьне Губэрнскаго Праўленьня вышло проціў мужыкоў. Селяне не паслухалі начальства. Юрага тады данёс Губэрнатару, што селяне бунтуюцца, дзеля гэтаго трэба, паслаць войска. Гэта было вясной 1828 году.

А тады лёгка было выклікаць войска. Быў, за два гады да гэтаго, выдадзен указ, па катораму загадывалося судзіць бунтуючых селян на мейсцы ваенным судом і тут-жэ выпаўняць прыгавор суда. Зацьверджае гэткі прыгавор Губэрнатар, а калі вінаватых акажэцца болей за 9 чэлавек, праз камітэт міністроў прыгавор ідзе на зацьверджэньне самога Цара, але ў указе было так-жэ сказана, што паны павінны ведаць меру правоў сваіх і не злоўпотрэбляць імі.