Старонка:Маладая Беларусь (1912—1913). Сшытак 3.pdf/35

Гэта старонка не была вычытаная

На дарозе, як прышыты, лежаў яго хросны бацька, Кірыла і з галавы яго цурком цекла па пасінеўшаму твару кроў.

Рыгор разам патхапіў старца, аднёс з дарогі к плоту і пабег далей. Ня чуў ён пад сабою ног, як нёсся к грамадзе, ня чуў ужо плачу дзяцей, што рэзаў вушы здалёку, толькі бачыў расцервіўшыхся стражнікаў, ды пакрываўленных селян.

Загаманіла сэрцэ Рыгора, застукала ў скронях кроў, разам рвануў ён с пярэплаці кол, сунуўся ў сярадзіну і шырака замахнуўся.

Было відаць, як прачышчаў дарогу Рыгор і валіліся с канёў адзін за другім стражнікі.

Нет ведама, ці доўга-бы змагаўся тут Рыгор, але ўзгляд яго раптам застанавіўся на людзях, што корчыліся на дарозе і тут вымкнуўся з рук яго кол, затрэсліся рукі, азірнуўшыся кругом, ён павярнуўся і пабег праз выган у лес.

Рыгор знік, як у ваду; доўгі час шукалі яго.

Прыехаўшы ў вялікі горад, Янук, пакуль набрыў на спрыязных людзей, як досыць ужыў і холаду і голаду, а после час бег, як за вераценцам: ён троху прызабыў на бяду.


Гарадзкое жыцьцё і навука саўсім прарабілі яго на другі лад. Не было і знаку, што гэты дзяцюк, з даўгімі валасамі і бялюткім тварам, сын вясковых бацькоў: не было ўжо таго пагляду на жыцьцё, які меў, жывучы ў вёсцэ.

Хоць і раней балела яму сэрцэ, як бачыў скрыўджэных. але, мала ведаючы ўсе патайные сьцежкі жыцьця, шмат чаго прапушчаў міма вока, цяпер-жэ, калі прайшоў навуку, ды бліжэй пазнаў жыцьцё, ў вачах яго ясна рысавалася ўся непраўда, што пануе, асабліва над бедным людам. Ня зносіў ён непраўды. Яму жадалося сьвету, праўды, братства, дабра, і яго шчырае сэрцэ, рвучыся на прастор, знаходзіла спачын там, дзе мог на сабранні с сваімі сябрамі ў гарачэй гутарцэ вытламачыць тую боль, ат каторай мучылася яго чуткая душа.