Старонка:Маладая Беларусь (1912—1913). Сшытак 3.pdf/52

Гэта старонка не была вычытаная

«Скоро Пятрок, пасля Каляды, годзік адматаюся, а там мае грошыкі сюды, куплю коніка, пайду зарабляць, а мо, пашчаслівіцца.

І, мысліўшы пра новае жыцьцё, яму стала дужа радостна, як ён узяўшы у пана грошыкі, пойдзе к матцэ і скажэ: вось, мамачка, я прышоў, я, грошы зарабіў, вось яны, а ці ведаеш, што купіць намысліў? коніка, мамачка, коніка, буланчыка. Эх, запрагу, ды ў лес, дроў набяру вывязу, мамка, аднаго рубельчыка перахапаю, другога, і гэтак будзем змагацца з бядой. Служыць ня буду, ня буду!

І так у гэткіх салодкіх думках заснуў, палажыўшы галаву на падваконніку.

«Чаму-ж ты тут спіш?» спыталася увыйшоўшы ахмістрыня. «Мусіць то нудзішся, дамоў зажадаў?!»

Пранусь атскочыў ад вакна, зняў с калка армячок і хацеў прылегчы ў кутку.

«А не, а не! не пара, жывёлу выганяй, у полі выспішся усё роўна у дваіх гультаіце».

Пранусь зняў пугу, торбу і вышоў на двор. На дварэ напаткаўся барадач з заспанымі вачыма.

«А! і ты тут! вось маладзец, ну атчыняй варота, едзе чорт з балота».

Вароты са скрыпам атчыніліся і скаціна пабегла ў поле, а барадач ідучы ззаду, зацягаваў нейкую песьню, закоціўшы вочы к небу.

Пранусь бег у прыскочку пазіраючы ў той бок, дзе былі Красналукі.

Эх бардзей бы мухі белые, тады і я не парабак, конь буланы, сам гаспадар, толькі абы Бог дапамог, і бытцам то трымаючы у руцэ лейцы, пугаўём сьцёбаў сябе па ярмачку і крычаў: но, но, но!

Барадач здалёку пазіраў на хлапца, і ў душы сьмеяўся з яго дзяціннай забавы, а таго ня ведаў, што тут была саўсім сталая думка.