Старонка:Маладая Беларусь (1912—1913). Сшытак 3.pdf/70

Гэта старонка не была вычытаная

воблакі, і тых вясёлых птушачэк, каторые с крыкам перэлеталі у самога вакна.

Гледзючы на небо, ў вачах яго рысавалася вёска, поле, агарод, чырвоные макі і Гапка… І мысліў ён, ці памятуе яна, і ці сьнілася ей, што я тут, закінуты ў чужы край, угледаюся ў вочы сьмерці.

Яшчэ раз, другі, зайшоў доктор к Сымону, а посьле, вызваўшы на сабраньне, атправілі дамоў.

Як ехаў і як прыехаў — смутна помніў Сымон.

Прышоўшы ў вёску, ня меўшы нікога с сваякоў, зайшоў к чужым селянам і перш-на-перш спытаўся, Як і дзе яго Гапачка.

Не было чаго скрывацца чужым людзям, ня ведалі якая рана аткрыта ў сэрцу бедака, і зразу сказалі праўду, што чулі. бытцам, даўно ўжо німа яе, шукалі, шукалі і пакінулі; с таго часу, як войчым выгнаў с хаты, ў ноччы як ў ваду знікла,

Закружылася галава Сымона, замітусіліся ў вачах аганькі, і ён асунуўся на землю. Як прачнуўся ён, то ўбачыў знаёмых яму селян, і пачуў родную гамонку, але ніяк ня мог апомніцца ад навіны.

Перамогшы сябе, крыху аддыхнуўшы, Сымон наважыў ісьці шукаць і, ўзяўшы армяк, ён выбраўся ў далёкую дарогу.

Ідучы, Сымон праве ў кажнага пытаўся, ці ня чулі, ці не бачылі яго Гапкі, але ўсе, як адзін, атказывалі, што у вочы не бачылі.

Так Сымон далёка адыйшоў ад роднай вёскі, пытаючыся ў мужыкоў, у баб з чужых вёсак, і вось нейкі чэлавек растлумачыў яму, што чуў ад некага, бытцам у воўчай пушчы нехта бачыў непрытомную дзяўчынку, але ў гэткай глушы, што і патступу цяпер німашыка туды.

Заныла ад болю сэрцэ Сымона, цяжка было перанесьці такую вядомасьць, ведаючы, што бедная Гапка, згінула праз яго і праз дзеі шалёнага айчыма, але сабраўшы апошніе сілы, кінуўся к той пушчы, дзе бачылі Гапку.