Старонка:Маладняк — Янку Купалу (1925).pdf/29

Гэта старонка не была вычытаная

МУЖЫК

Што я мужык, усе тут знаюць,
І як ёсць гэты сьвет вялік,
З мяне сьмяюцца, пагарджаюць,
Бо я мужык, дурны мужык.

Чытаць, пісаць я ня умею,
Ня ходзіць гладка мой язык,
Бо толькі вечна ару, сею —
Бо я мужык, дурны мужык.

Бо з працы хлеб свой дабываю,
Бо зношу лаянку і крык,
І сьвята рэдка калі знаю —
Бо я мужык, дурны мужык.

Галеюць дзеці век бяз хлеба,
Падзёрты жончын чаравік,
Ня маю грошы на патрэбу, —
Бо я мужык, дурны мужык.

Заліты потам горкім вочы,
Ці я малы, ці я старык, —
Працую, як той вол рабочы, —
Бо я мужык, дурны мужык.