Старонка:Маладняк — Янку Купалу (1925).pdf/38

Гэта старонка не была вычытаная

ЯК У ЛЕСЕ ЗАЦЬВІТАЛІ!..

Як у лесе зацьвіталі
Ліпа ды каліна, —
Залатыя сны снавалі
Мы з табой, дзяўчына,

Калыхаліся, шумелі
Вольныя бярозы,
Шапацелі, шалясьцелі
Трысьнякі ды лозы.

Як у жыце наліліся
Каласкі нагінна, —
Сустрэліся, абняліся
Мы з табой, дзяўчына.

Мігацелі, зіхацелі
У пракосах косы,
Заміралі кветкі, зельле,
Заміралі росы.