Старонка:Матчын дар (1929).pdf/129

Гэта старонка не была вычытаная

— „Ой мае дзетачкі, бог мяне грэшную
Пэўне за бацькаўскі грэх пакараў.
Крыўду ўчыніў да згон-веку няўцешную, —
Чым надарыў, адабраў.

Неяк асеньняй парою а поўначы
Хатку няведама хто падпаліў.
Я прахапілась, ўскрычала а помачы:
— Людзі! ратуйце, хто жыў!

З крыку майго і сямейка збудзілася,
Ледзьве пасьпелі на двор уцячы.
Доня за рукі мае учапілася,
Просіць: „матуля, маўчы!“

Мужа я ў гэтым пажары пазбылася:
Кінуўся ў хату па скарб, — ратаваць,
Столь падгарэла ў той чай, абвалілася…
Бог захацеў пакараць!

Ох! Як пачне калі што руйнаваціся, —
Што не рабі ты, а будзе дарма.
Толькі зьнядужаеш, сілаю страцішся,
Скуткаў-жа добрых няма.

Сын у Сібір, ці яшчэ за Сібірамі,
Недзе пайшоў на жыцьцё зарабляць,
Разам з дачушкай пайшла я пад дзьверамі
На пагарэлых зьбіраць.

Дочка ад часу пажэжы праклятае
Чымсь захварэла, няведама чым;
Сохла, бляднела, як зелейка сьцятае,
Покі ня ўмерла саўсім.