Старонка:Матчын дар (1929).pdf/131

Гэта старонка не была вычытаная

66.

СЫН.

Гэй, у чыстым полі ды ня сонца грэе,
Ды ня сонца грэе, ды ня вецер вее,
Ня туман спусьціўся,
Ня дубок схіліўся.

На шырокім полі, ды на тым прасторы,
Ля дарогі самай, на зялёным ўзгоры
З ног дзяцюк зваліўся,
Бразнуўся, пабіўся.

— Ці-ж ня сорам, хлопча, табе маладому?
Ганіць будуць людзі, едучы дадому:
„А ты-ж маладзенькі,
„Піці нядужэнькі!“

— Ой, ня ганьце, людзі, — з гарэлкай ня знаўся, —
Я у сьвет далёкі за шчасьцем пагнаўся
Ад радзімай маткі
Ды із беднай хаткі.

Ды па ўсёй зямліцы, дзе шыбае вока,
І пад самым небам, доле то-ж глыбока
Быў, я цікаваўся,
Шчасьця прыглядаўся.

Не памеў я шчасьця, ды пазнаў я гора
І крыві разьлевы, сьлёз сірочых мора.
Скрозь а скрозь гарота,
Дзе ні глянь, — маркота.