Старонка:Матчын дар (1929).pdf/138

Гэта старонка не была вычытаная

69.

КАМУ ШТО.

(Жарт).

У самы жар, у летні час,
Ужо у поўдзень, па абедзе,
Назаўтра ў горад, на кірмаш,
Народу цьма ідзець і едзе.

Ну, ехаць добра, хоць пячэ,
Але-ж ісьці — дык во дзе мука!
А як з паклажаю яшчэ,
Дык то найгоршая дакука.

Хаця каб крышку адпачыць, —
Ідзеш, ідзеш, ды трэба сесьці,
Бо пуд ці пару валачыць —
То не пярынку ў жмені несьці.

Калі-ж карчма, — ну, тутка стой!
Тут можна выпіць і паесьці,
А за работай мілай той
З знаёмым гутарку завесьці.

Зыйшліся гэтак ў карчме раз
Наш беларус, цыган, хахол,
І неяк трапіла на час,
Што за адзін прыселі стол.

Адзін узяў сабе мядку,
Другі — гарчыну, той — поўпляшкі;
Пакуль сядзелі ў халадку,
Зьвялі знаёмства, — то-ж ня цяжка.