Старонка:Матчын дар (1929).pdf/142

Гэта старонка не была вычытаная

Лёгкі марозік за шчокі хапае,
Сьнег пад нагамі прыемна рыпіць, —
Ведае варту Ігнацы, — ня сьпіць.

Панна Эмілья тым часам сабе
Вечар праводзіць у нейкай журбе:
Нейкія брэдні плятуцца дзяўчыне —
Быццам яна не ў дварэ ахмістрыня,
Быццам яна ня жывець ў ахвіцыні,
Быццам яна няма ведама хто,
Хочацца сэрцу няведама што.

Ўспомніць мамульку, татульку, свой дом,
Ўспомніць сябе невялічкую ў ём,
Старшага брата і няньку-бабульку,
Тэклю, Агатку, Ганульку, Аршульку,
Даўніх равесьніц… кароўку Рабульку…
Дзе яно ўсё? І ня вернеш тых дзён,
Зьнікла, як дым, расплылося, як сон!…

Страшна і ўспомніць далёкі той год
(Чорным яго называе народ), —
Пошасьць з касою па сьвеце хадзіла,
Панну Эмілью сіроткай зрабіла,
Родных, сямейку зямлёю пакрыла.
Доля, няйначай, — ў яе ўсё руцэ:
Ўзялі паны гадаваць пры дачцэ.

Ўстане, паходзіць і сядзе ізноў,
Б‘ець у галоўку гарачая кроў;
Нейкія ў сэрцы прарваліся шамы,
Твар то збляднее, то зробіцца ў плямы…