Старонка:Матчын дар (1929).pdf/153

Гэта старонка не была вычытаная

Сядзець сам без запытаньня, —
Зьвесны нораў цыгановы!“
Як ня хоча ззаду быці,
Конік цягне дробным трусам…
Даганяе, хоць і мусам,
Зраўнаваўся, што рабіці! —
Што за дзіва? — Паўлючонку
Падкальнула ў сэрца нешта.
Толькі трое, а дзе рэшта?
Два цыганы йдуць і жонка.
— „Здрастуй, бацьку!“ гыркнуў з боку
Цыган доўгі, чорнатвары,
І другі за ім да пары
І цыганка. — „Скуль, здалёку?“
— „Еду з торгу.“ — „А, вяльможны!
Падвязі да карчмы хоця,
Бо па гэтакай хлюпоце
Пехатой ісьці ня можна“.
— „Рад-бы я, ды сам ты бачыш,
Што на колах, братка, цесна,
Ня усядземся сумесна“…
— „Эй, аб чым ты, бацьку, плачаш!
Цыган, пане, як вужака:
Хоць ў шасьцёх здалелі-б сесьці!
А ля карчмы хочам зьлесьці, —
Не замучыцца каняка“.
Не пасьпеў Баўтрук поўслова
Адказаць на просьбу гэту,
А мужчыны і кабета
Шась на колы Баўтруковы!
— „Н-но! Гані сваю шаўлюжку!“