Старонка:Матчын дар (1929).pdf/154

Гэта старонка не была вычытаная

„Дадай ходу!“ І рагочуць.
Штосьць па-свойму там стракочуць,
Адабралі лейцы, пужку…
Буркнуў быў на тыя рэчы
Баўтрамей, дык — д‘ябла дзеці! —
Ледзьвя здолеў усядзеці, —
Так заштурхалі у плечы.
— „Сядзь спакойна, ты, зрабніна!
Кінь плявузгаць гэтта лішку:
Вып‘еш ў карчме тры кілішкі,
І заплацім што павінна“.
Што ты зробіш? Няма волі,
Іх-жа сіла, перамога.
Дзякуй толькі пану богу,
Не спаткалася іх болі.
Праз гадзіну — час кароткі
Баўтрамею доўгім здаўся —
Сьвет з ваконца паказаўся
У карчомцы пана Ноткі.
— „Ну, вот, бацьку, гаварыў ты!
Зараз зьлезем, купім гары
І заплацім тры таляры, —
Мы ня любім жаднай крыўды“.

III.

Цесна ў карчме, — ў бочцы мэрам
Селядцоў, людзей набіта.
Дымам лямпачка спавіта
Тутунёвым, едкім, шэрым.
Гоман, грукат, сьмех і спрэчка…
Гэнам граюць, гэтта скокі