Старонка:Матчын дар (1929).pdf/16

Гэта старонка не была вычытаная

ідэалізацыі мінулага Беларусі, якую знаходзім у яго вершах. Беларускі народ, па яго словах (верш № 4), калісьці

Меў вялікія кляйноды,
Быў і моцны і багаты.

Тую-ж самую думку знаходзім мы і ў вершы № 9:

Ў старыну Беларус, не падданы,
Гаспадарыў, быў сам над сабою.

А. Гарун ігноруе той факт, што беларускія працоўныя масы былі заўсёды прыгнечаны. Сапраўдная моц працоўнай Беларусі, сапраўдная воля, сапраўднае багацьце — ня ў мінулым, а ў сучасным і будучым і пры гэтым незалежна ад таго, якім было ея мінулае.

Рамесьнік А. Гарун не ўяўляў сабе вялікай ролі пролетарыяту, які вышаў на арэну гісторыі, каб даць ёй зусім новы напрамак.

А. Гарун — прадстаўнік беднага гарадзкога мяшчанства, якое было зьвязана з вёскай. Дзеля гэтага ён моцна перажываў пакуты гэтых пластоў грамадзтва, несправядлівасьць экономічнай няроўнасьці (верш № 10), жах беднасьці, жабрацтва, пакінутасьці (верш № 63 — „Хатка“, верш № 65 — „Жабрачка“), клікаў, хаця-ж і ў вельмі расплыўлівых формах, да барацьбы за лепшую будучыну, да будаваньня новага жыцьця (верш № 40 — „Муляру“). Але ў той-жа час ён дае нацыяналістычную ідэалізацыю беларускай гісторыі і шукае ў гэтай фальшыва асьветленай мінуўшчыне залог будучага. Тут ён нам ня толькі далёкі, але і варожы. Тут мы знаходзім парасткі таго сучаснага нацыяналізму, з якім Комуністычная партыя і Савецкая ўлада вядзе бязупынную барацьбу.

Адзначаную намі політычную серадзіннасьць, характэрную для А. Гаруна, як прадстаўніка дробнага мяшчанства, можна прасачыць і на яго адносінах да рэлігіі. Паводле ўспамінаў людзей, якія ведалі яго, ён быў няверуючым. Антырэлігійныя мотывы яскрава гучаць у вершы „На сьмерць“ (№ 26):

Ці-ж можна праўду нам знайсьці, калі маліцца,
У неба чорнае ўляпіўшыся вачмі?