Старонка:Матчын дар (1929).pdf/161

Гэта старонка не была вычытаная

Бачыць, — сьвет к яму нясецца:
Бяжыць ясны, пекны конь,
Ўвесь гарыць, маўляў агонь;
Збруя белая раменна
Ўбрана ў золаце адменна,
На кані, узяўшысь ў бокі,
Чалавек сядзіць высокі,
Пекна надта прыадзеты,
Але быццам з таго сьвету.
Вось узьехаў на паляну,
Дзе сядзеў Мацей зьляканы.
Конь спыніўся, стаў, чакае,
З воч яго агонь шугае.
— „Што сядзіш тут, маладзец?“ —
Так спытаўся той язьдзец.
„Куды брыў, на што сабраўся?“
Мацей духу тут набраўся,
Зірнуў проста на яздца.
— Ў імя сына і айца!!!
Сьвяты Юр‘я, пэўне, гэта:
Такі з твару, так адзеты,
Як я бачыў на абразу!
Пасьмялей Мацей адразу
Ды й прамовіў да сьвятога:
— Я — Мацей з Бару Крутога,
Шмат дзяцей, паночку, маю,
А карміць іх чым — ня знаю.
Працаваў-бы — не здалеці,
Бо гультай я ў гэтым сьвеці!
Красьці? — Краў-бы, дык баюся,
Бо, крый божа, пападуся