Старонка:Матчын дар (1929).pdf/25

Гэта старонка не была вычытаная
РОДНАМУ КРАЮ.

2.


∗     ∗

Чаму з маленства, з ураджэнства,
Ў жыцьцёвы май,
Ня ўмеў, як маці, шанаваці
Цябе, мой край?

То-ж я з тваёю ключавою,
Сьвятой вадой
Напіўся болю аб нядолі,
Бядзе людзкой.

То-ж ты, мой хмуры, даў мне пануры
І ціхі гнеў,
А днём падчасным, так пекным, ясным,
Надзею грэў.

Твае-ж курганы, лясы, паляны,
Дубкоў тых шум,
Палёў абшары, люд бедны, шары,
Мне далі дум.

А дум тых многа… Не, ня убога
Ты даў мне іх,
І ты-ж, як маці, наўчыў сьпяваці
Аб думах тых.

Я браў, ня бачыў і не аддзячыў
Табе нічым,
Бо счараваны, — цябе, ўкаханы,
Ня знаў саўсім.