Старонка:Матчын дар (1929).pdf/33

Гэта старонка не была вычытаная

7.

ВАЎКАЛАКІ.

Ваўкалакі цёмнай ноччу
З дамавін выходзяць
І лятаюць скрозь па сьвеце, —
Сабе жэр знаходзяць:
Дзе старое ці малое
Сьпіць у сьне глыбокім,
Ваўкалака падсьцігае
Ненасытным вокам.
Не пачуеш, як узьляжа
На грудзях навала,
Не пачуеш, як ён з сэрца
Высьсе кроў памалу.
Галасіста-ж па сьвітаньню
Засьпяваюць пеўні, —
Ваўкалака адлятае
Неахвотна, гнеўны.
Па старонцы роднай здаўна
Ваўкалакі ходзяць,
Але-ж пеўні не сьпяваюць, —
Слонка ня ўзыходзіць!..