Старонка:Матчын дар (1929).pdf/42

Гэта старонка была вычытаная

12.


∗     ∗

Усе з адней мы выйшлі нівы,
І сейбіт нас адзін кідаў,
І кожан з нас той дзень шчасьлівы
Ў сваёй душы благаслаўляў.

А вецер быў. І хто цяжэйшы,
Астаўся там, куды упаў,
А хто, як я, хто быў лягчэйшы,
Ў далёкі сьвет памандраваў.

Бо сейбіт ёсьць другі на небе,
Што судзіць нам гады і дні, —
І ты узрос на роднай глебе,
Пусьціў глыбока карані.

Здалеў, браток, на сьвет прабіцца
Спраміж сьвірэпкі і асок!
І можам мы табой гардзіцца,
Прыгожы, слаўны Каласок.

Цьвіці-ж, расьці, буйней на дзіва
Ў сям‘і прыгожых васількоў, —
З тваіх зярнят хачу, праўдзіва,
Убачыць поле каласкоў.