Старонка:Матчын дар (1929).pdf/43

Гэта старонка была вычытаная

13.

ПЕСЬНЯ.

На чужой староначцы
Заняпаў душой, —
І згубіў здаровейка
І згубіў спакой.
Не глядзелі-б вочанькі
На нялюбы сьвет,
Маладое радасьці
Прападае сьлед.

На чужой староначцы
Ня цьвітуць сады,
Не сьпяваюць птушачкі,
Не лятуць сюды.
І чужое лецейка
Для мяне — зіма,
І чужога соўнейка
Для мяне няма.

На чужой староначцы
Ня шумяць лясы,
І няма прыгожасьці
Ў палявой красы.
Замірае душачка
На чужой зямлі,
А дамоў вярнуціся
Не ў маёй валі.