Старонка:Матчын дар (1929).pdf/45

Гэта старонка была вычытаная
НА ЧУЖЫНЕ.

14.

У ВЫГНАНЬНІ.

Край чужы — за веру кара, —
Сьнег, мароз ды горы.
Белы сьвет, як чорна хмара,
Заступілі горы.

Край чужы… І ты чужынец,
Ўсім ня свой здаешся:
Ходзіш скрозь, як той адзінец
Старакосны ў лесе.

Ходзіш ты, ніякай мэты, —
Так, — абы цягацца,
Знаць сабе: жывеш яшчэ ты…
Для чаго-ж, спытацца?

Хто цябе спагадным сэрцам
Да сябе прытуле?
Хіба з стрэльбы чужаверца
Чужаніца-куля.

Хто цябе спаткае міла,
Ў дом папросіць гожа?
Хіба дол, адно — магіла
Разгарнуцца можа.

Што з таго — часамі сьніцца
Край, ў якім радзіўся?
Толькі мусяць сьлёзы ліцца, —
Лепі-б і ня сьніўся!