Старонка:Матчын дар (1929).pdf/59

Гэта старонка не была вычытаная

22.

ДУМЫ Ў ЧУЖЫНЕ.

Гора мне цяжкае, гора бясшчаснаму!
Сэрца ўсё жаліцца, плача, баліць.
Хочацца к сонейку цёпламу, яснаму:
Хоць-бы убачыць! Ўсю цяжкасьць зваліць!

Доля мая, што мяне узбагаціла,
Думак, жаданьняў і сэрца дала,
Недзе гаман з маім шчасьцем утраціла, —
З горам падняла і мне падала.


Што там наперадзе, што там нязнанае,
Што там са зьдзекам мяне сьцеражэ?
Скрытна-варожае, з страхам чаканае,
Можа і блізка на нейкай мяжэ.

Толькі ня сьмерць, — не аб ёй неспакоюся.
Сьмерць гэта што! Гэта дар для усіх,
Прыйдзе той час, і я з ёй заспакоюся,
Збыўшыся боляў і думак сваіх.

Іншае гора душу абцяжарыла, —
Камень цяжэйшы на сэрцы ляжыць,
Дні майго росквіту мглою абдарыла,
Ў жыцьці штодзённа за мною бяжыць.

Доля мая, — гэта доля гаротная,
Сэрца дала мне, наўчыла любіць
Дый прысудзіла яна-ж, адваротная,
Век у сіроцтве, ў выгнаньні пражыць.