Старонка:Матчын дар (1929).pdf/61

Гэта старонка не была вычытаная

Там, дзе цяпер яшчэ сілы нячыстыя
Жыцьце карожаць, па-свойму вядуць,
Дзе ўстрапянулісь дубы густаліст ыя
І на курганах нямоўчна гудуць, —

Можа і я з сваёй слабаю сілаю
Там працаваці-бы крышку памог;
З гэтаю працаю шчыраю, мілаю
Сьмерці спаткаў-бы спакойна парог.

Можа… А можа ня ўбачыці гэтага?
Можа суджона тут век мне пражыць?
Дні адзіноты, сіроцтва бясьсьветнага
Грудай каменьняў ў душы валачыць.


Страшна мне гэта, і ўсё-ж не ядынае
Так навалілась, гняце ў глыбіне, —
Горшая мука ўтрапляець, што сынам я
Быць перастану сваёй старане.

Памяць ня доўгая, любасьць ня вечная;
Сірасьць, безьлюднасьць — іх трудна нясьці;
Мо‘, пажагнаўшыся з старым на вечнае,
З шляху зьвярну, па другім каб ісьці.

Страшна мне нават аб гэтым і згадываць,
Страшна і думаць, і я не хачу.
Толькі-ж надзеі ня маю, чым зрадаваць
Сэрца і сьлёзы ссушыць у ваччу.