Старонка:Матчын дар (1929).pdf/62

Гэта старонка не была вычытаная

Вось у чым гора бадзязе бясшчаснаму,
Вось чаму сэрца маё так баліць,
Вось чаму хочацца к сонейку яснаму —
Хоць-бы убачыць, тым цягасьць зваліць!

Цяжка мне, праўда. Ці-ж трэба мне жаліцца,
Цяжка-ж другім — іх мільёны усіх, —
Жыцьце іх рушыцца, б‘ецца і валіцца,
Гінуць надзеі і думкі у іх.

Многа на сьвеце усякага творыцца!
Многа хто вершаў аб гэтым злажыў.
Часам паслухаеш, хто разгаворыцца,
Бог яго ведае, як яшчэ жыў?!

Біўся з няпраўдай, з бядой і гаротаю,
Сэрца у попел няшчадна спаліў,
Сілы ўсе страціў у бойцы з цямнотаю,
Кроў, не рахуючы, кроў сваю ліў!

Што-ж тады плакаці мне, маладзейшаму?
Я-ж не прайшоўшы пуціну сваю:
Сэрца асталася. Не, весялейшаму
Трэба мне быць, а я плачу — пяю.

|}