Старонка:Матчын дар (1929).pdf/64

Гэта старонка не была вычытаная

Велькім колам маладзецкім,
З пасячонымі плячыма,
З выпалёнымі вачыма.


Мы зьявілісь з яснай казкі,
Братняй міласьці і ласкі,
З краю-Далі, краю-Сьвета,
Дзе цяплюхна, вечна лета, —
А нас кінулі у пушчы,
Ды у холад, дый у гушчы,
Дзе брат з братам вечна б‘юцца:
Спруцянелі, а дзяруцца.

Мы хацелі даць ім сьвету,
Зруйнаваці пушчу гэту,
Даць ім міласьці прагненьне,
Дзён шчасьлівых даці меньне…
Мы ішлі вялікім валам,
Войскам буйным а зухвалым,
Ды ня стала нашай мочы:
Сьвет слабейшы быў ад ночы…


Што-ж? Няхай! Няхай так будзе.
Мусіць гэтак доля судзе.
Цяжка, страшна жыці, праўда,
Дык цярпеці-ж нам ня наўда.
Так на моры-акіяне
Часам хваля перастане…
Можа-ж прыйдзе навальніца,
Толькі-б ветрыку зьявіцца!