Старонка:Матчын дар (1929).pdf/69

Гэта старонка не была вычытаная

25.


∗     ∗

Эх, сягоньня, ў гэту ночку
Я ўцяку адгэтуль проч!
Шэрым воўкам па лясочку, —
Хай дагоніць, хто ахвоч!

Хай тагды сярод дарогі
Станець хто — ня будзе рад:
Чорны вуж абкруціць ногі, —
Буду вужам, буду гад!

Хай тагды шукаюць ў лесе
Цёмных, вузкіх, воўчых троп!
Як арол у паднябесьсе,
Я ўзьлячу над земскі строп.

Ў небе роўным, чыстым шляхам,
Яснай зоркай палячу
І скачуся па-над дахам
Роднай вёскі і ўскрычу:

— Гэй, хто ёсьць тут! Люд галодны,
Люд пакутны! Да мяне!
Станьма, брацьця, ў шых паходны —
Наша гора праміне.

Досыць нам з нядолі віці
Ценкі жыцьця свайго пас.
Слухай, люд: прынёс я віці,
Хто за мною, брацьця? — Час!