Старонка:Матчын дар (1929).pdf/71

Гэта старонка не была вычытаная

26.

НА СЬМЕРЦЬ.

Памёр ты, татачка, ўспакоіўся на векі!
На вочы сумныя насунуліся векі, —
Прыціснула іх сьмерць мацней за чужынца.
І вот айца
Ня стала, родны мой, ад сьмерці тваяе…

О сьмерць бяз літасьці, ратунак ты і кара!
На што-ж яму, як тая чорна хмара,
Заслонай вечнаю ты стала прад вачмі?
Скажы, сьлязьмі
На што пасквапілась радзіны ты мае?

Ax, родны, блізкі мой! Гаротны і бяздольны,
Жыцьцё сваё, той шлях няўдатны і нявольны,
Ты з больлю цяжкаю у сэрцы перабыў
І свой згубіў
Апошні стон, адзін, ў чужацтве, у цішы.

Бясшчасны тата мой! Усім адна дарога…
І торганьня разлукі ня так катуюць строга,
Як тое, любы мой, што ў ноч, ў апошню ноч,
Ў цябе із воч
Сьляза скацілася аб скрыўджанай душы.

Дратуе сэрца мне, цьвікі ў мазгі ўбівае,
З грудзей і боль і стоны здабывае
Здагадка страшная: ў гадзіну ўсіх гадзін
Ты там адзін,
Маўляў бясплеменьнік, усім чужы, сканаў…