Старонка:Матчын дар (1929).pdf/74

Гэта старонка не была вычытаная

27.


∗     ∗

Думкі-дыямэнты, краскі жыцьця,
Песьні — вас гэтак люблю!
З вамі салодкіх гадзін забыцьця
Часам і я пазнаю.

Жыцьце-няволя ў чужой старане,
Працы надмернай яром
Зараз зьнікаюць, бы ў госьці ка мне
Вы паказаліся ў дом.

Слухайце-ж, думкі: як прыйдзе мой скон,
Ў хатку зьляціце ка мне, —
Хай перадсьмертны уцішыцца стон,
Сэрца на момант спачне.

Хай засьпяваю, як лебедзь, калі
Прыйдзе гадзіна яму,
Ўзьнёсшыся ў неба ад маці-зямлі,
Рыне ў адвечную цьму;

Хай засьпяваю аб сьне залатым,
Веку людзкога радзтва,
Роўнасьці, вольнасьці, брацтва, — аб тым
Веку красы, хараства.

Можа, пачуўшы прадзгонны мой сьпеў,
Сьціхла-б на сьвеце вайна…
З радасным духам-бы я паляцеў
Ў царства каханьня, відна.