Старонка:Матчын дар (1929).pdf/77

Гэта старонка не была вычытаная

29.

NOCTURNO.

Спаткаў сягоньня я сваю Нядолю,
Знайшоў яе у сіненькім ляску.
Брадзіў бяз мэты я, душа гарэла з болю,
І думаў: будзе мне лягчэй у халадку.

Спаткаў, пазнаў яе і, вось, пытаю:
— Скажы ты мне, нядоленька мая:
Багата жыцьця кніг яшчэ перачытаю?
Калі і на якой чытаньне скончу я?

Скажы, ня крыйся мне, мая камратка,
Дзянькі мае маркотныя чаму?
Адзін ў адзін ідуць, ва ўсіх адна апратка,
Як душы грэшныя, ці вінныя каму.

Чаму, яшчэ скажы, мая ядына,
Люблю зямлю, вялікі жыцьця ток,
Як неба зорачкі, каханьнем моцным сына,
А сам — адлучаны ад дзераўца лісток,

Яна у вочы люба мне зірнула,
Ўзлажыла белы ручанькі на мне,
Маўляў сястра мая, да сэрца прыгарнула, —
Часамі так цябе каханка прыгарне.

— Чакай, харошы мой, пакінь задумы!
Душу сваю пытаньнямі ня муч.
Зірні на гэты лес, прыслухайся у шумы,
А можа знойдзеш ты жыцьцёвы вечны ключ!