Старонка:Матчын дар (1929).pdf/83

Гэта старонка не была вычытаная

33.

ІДУЦЬ ГАДЫ.

Ідуць сабе гады, ідуць,
Бы карагод бяз конца,
Што ў небе зорачкі вядуць
Ля месяцу, ля сонца.
Ідуць сабе гады, ідуць —
І чалавек за імі.
Куды цябе яны вядуць
І сьцежкамі якімі?

— „Няведама мне, скуль усе і што я;
Няведама мне сама сьцежка мая,
Няведама мне, і куды я іду,
Пытаньня ня маю, ці што там знайду;
Ня ведаю, жыцьце ці шчасьце, ці не, —
Пачалася гэта, браток, не на мне“.

Ідуць гады, ідуць гады —
І з імі ўсё на сьвеце.
Сягоньня ты, а йшлі дзяды,
А заўтра пойдуць дзеці.
Ідуць гады, і ты ідзеш
Ўздагонь за імі, з імі.
Нашто, скажы мне, ты жывеш
І з думкамі якімі?

— „З аднэю я думкай у сьвеце жыву,
Настаўнікам ўзяўшы і лес і траву,
Крыніцы і кветкі, і цемру і сьвет,
І месяц і зоры, і сонца прывет.
Прысуджаны шлях свой рабі дарагім,
Красуйся на радасьць сабе і другім“.