Старонка:Матчын дар (1929).pdf/86

Гэта старонка не была вычытаная

36.


∗     ∗

Як ліст вярбінкі маладой,
Што вецер злосны адарваў
І кінуў ў рэчку і з вадой
У даль няведаму пагнаў, —
Плыву сабе. Рака мая — жыцьцё,
Па ёй плывуць і кветкі і сьмяцьцё.

Я раз спытаўся у вады:
— Скажы, адкуль ты прыцякла?
Яна сказала: — З-пад грады
Каменных гораў уцякла.
— Куды-ж бяжыш? — Цяпер бягу над спад
У мора я. — А вернешся назад?

— Над мной закон — колазварот.
Плыву я з мора ў акіян
І стуль зьбіраюсь ў паварот,
Калі узьнімецца туман,
І ўзьляжа ноч. Лячу хутчэй тагды —
Цячы ракой з-пад горнае грады.

Як ліст вярбінкі маладой,
Што вецер злосны адарваў,
І я плыву сваёй ракой,
Жыцьцём якую хтось назваў.
Нясець яна і кветкі і сьмяцьцё…
А ты-ж скажы, ці вернешся, жыцьцё?