Старонка:Матчын дар (1929).pdf/88

Гэта старонка не была вычытаная

38.

МАТЧЫН ДАР.

Як радзіла маці мяне ў цёмну ночку,
Дык дала скрыпіцу: „На, іграй, сыночку!
Грай сабе на шчасьце, грай на добру долю,
Грай на век даўгуткі, грай на вольну волю“.

Помню, дзіцянёткам з тугай я ня знаўся,
Жыў, як тая птушка, граў і забаўляўся;
Дзень мне быў спакойны, ўночы сон бязгрэшны,
А цяпер застаўся я на век няўцешны.

Ой, чаму-ж, матуля, жыцьце-скрыпку дала,
Як-жа шанаваці, дый не навучала?
Гэта-ж падзівіся — я адкрыцца мушу,
Што сапсуў скрыпіцу, што згубіў я душу.

Здаўна, сівакрыла, шчасьця я ня маю,
Долі я ня бачу, радасьці ня знаю.
Граю, праўда, граю!… А на сэрцы важка,
А у сэрцы больна, аж трываці цяжка.

Тыя ня прыходзяць песьні-весялушкі,
Як пяе зямліца, як шчабечуць птушкі.
Жаль з нудой заплачуць, глуха як зайграю…
Маю я скрыпіцу, а душы — ня маю!