Старонка:Межы (1929).pdf/107

Гэта старонка не была вычытаная

ПЕРАД ДАРОГАЙ

Я сёньня тут, а заўтра дзесьці буду,
А дзе — і сам ня ведаю яшчэ.
І гэта ўсё здаецца мне ўжо цудам,
Ў жылах кроў пановаму цячэ.

Другія мысьлі голаў маю ўскружаць,
Другія вобразы замігаюць ў вачах.
Я еду нюхаць пах прыгожай кветкі-ружы,
Я еду слухаць шэпт і бору, і ручча.

Я еду, каб ісьці па бацькаўскіх сьцяжынках,
Ісьці хутчэй туды, дзе доўга так ня быў.
Я спраўлю там вясёлыя дажынкі,
Хоць сам ня быў ў разгарны час сяўбы.

Шкада, што я далёк ад блізкага для сэрца,
Шкада, што і цяпер ня ў пору пападу.
І для мяне цяпер ужо не разаўецца
Прыгожы, стройны клён, пад цень ня прыме дуб.

Ў куце сваім ня у пору апынуся
І сяйбітом хоць быў — ня ўбачу ўжо сяўбы.
Ў жыцьці сваім я шмат з чым разьмінуўся
І многа дзе, дзе трэба быць, — ня быў.