Старонка:Межы (1929).pdf/115

Гэта старонка не была вычытаная

Калісь яе рука мая саджала,
Калісь яе я шчыра песьціў ноч і дзень.

А там стаяць кудравыя бярозы,
Пільнуюць хлеў стары, пільнуюць і гумно,
А на руіны іх ліюць, здаецца, сьлёзы,
А мо‘ за даўнаснасьць сплятаюць ім вянок.

Гляджу ў вакно, а лісьці мне шапочуць,
Аб многім блізкім мне гавораць шмат яны.
Да іх мае няспынна прагнуць вочы,
Яны напомнілі пра дні маёй вясны.

Пра радасьці і мой дзіцячы лепет,
Пра першы крык душы і сэрца раньні звон,
Калі я, як яны, а можа нават лепей,
Ў прасторы слаў свой гучны перазвон.

Я рад ўсяму і разам з тым дзіўлюся,
Што хутка тут усё зьмянілі бегу дні:
Адно есьць моль або цярэбіць вусень,
Другое радасьцю і песьняю зьвініць.

Мне ўсё, усё тут дорага і люба —
Руінасьці хлявоў і гмашыстасьці дрэў.
Ўсё зараз да сэрца прыгарнуў-бы,
Бо за яго калісь душою я хварэў.

Цяпер малым здаволен я бываю,
Што хоць і ў рэдкі час, а ўсё-ж бываю тут,
Што кожны раз я песьняй апяваю
Мой дарагі, мой любы, блізкі сэрцу кут.

Капыль, 1926 г.

|}