Старонка:Межы (1929).pdf/12

Гэта старонка была вычытаная

СЯРОД НАС

Сярод нас шмат вясёлых і сумных
Па настроях і шэптах душы…
Але кожны ударам па струнах
Можа даль і прастор варушыць.

Кожны верыць у нешта сьвятое
І ня можа жаданьняў спыніць.
Дзесь рунее руно залатое,
Дзесь гараць запаветаў агні.

Ўжо загінула шмат і загіне
На прыступках сьвятога сьвятых.
Іх зьмянілі і зьменяць другія,
Як зьмяняюцца дрэваў лісты.

За мінулае цяжка і горка,
Што адцяла так многа красы;
Але сьцелецца шлях нова-зорны,
Ткуцца новых прыгод паясы.

Мы ступілі на шлях той сягоньня,
Заўтра прыдзем ў сьвятое сьвятых.
Няхай струны галосныя звоняць
Аб днёх радасьці, днёх залатых.

1925 г.

10