Старонка:Межы (1929).pdf/138

Гэта старонка не была вычытаная

НА ГАРАХ РАЗЬЛЯГАЮЦЦА ХМАРЫ…

На гарах разьлягаюцца хмары,
Лебядзіную сьцелюць пасьцель
Для мітычнай, для стройнай Тамары.
Залунала пярыстая бель

Вось выходзіць і Дэмон аднекуль,
Загарэлася ласка ў вачах.
Да Тамары, да стройнай паненкі
Ходзіць ён кожны раз па начах.

Але цьвёрдая ў веры Тамара,
Непадкупна на ласкі яго.
Як угледзіць, хаваецца ў хмары
Ці ў рашчэліны ўсьнежаных гор.

Вось цяпер яна ў воблачнай сіні
Прытулілася ціха да скал…
Дэмон дарма патраціў час — кінуў.
Дзесь заплакаў, заенчыў шакал.

Вось і раніца ўсходзіць бяззычна,
Сонца ліжа усьнежанасьць гор.
І зурна пералівам музычным
Варажбітна ўзбудзіла прастор.

Кіславодзк, 1925 г.