Старонка:Межы (1929).pdf/139

Гэта старонка не была вычытаная

РАЗЬВІТАНЬНЕ

Разьвітаньне вам, горы Каўкаскія
І крыніцы жыцьцёвай вады!
Надаралі вы цёплаю ласкаю,
Варушылі вы ў сэрцы уздым.

Захапляўся я воляй арлінаю,
Захапляўся прыгожасьцю чар.
А цяпер ўжо за кожнай хвілінаю
Адчуваю, я тут — не ўладар,

Толькі госьць, час якога ўжо скончаны,
Жыць якому хвіліны — ня дні.
Вось таму я так моцна ўсклапочаны,
І ў душы разьвітаньне зьвініць.

Шмат чаго перажыць давялося мне,
Шмат чаго і ня зьведаў яшчэ,
Але сэрца зьвініць сугалосьсямі
Ўсё ямчэй, і ямчэй, і ямчэй.

Разьвітаньне кажу я астатняе
І таму, к чаму толькі прывык,
І таму, што уцехаю братняю
Адганяла мой сум з галавы.