Старонка:Межы (1929).pdf/142

Гэта старонка не была вычытаная

КРЫМ

Край казак і легенд, край вілаў і палацаў,
Край стромкіх гор і морскай глыбіні,
Табе, я ведаю, сны залатыя сьняцца
І райскі сьпеў ў садох тваіх зьвініць.

Багаты ты красой сваіх ляндшафтаў:
Узвышшы гор тут нясупынна ткуць
Зялёна-жоўтыя, красы ядвабнай шаты,
Даліны-ж тут аж круглы год цьвітуць.

Даўней зьяжджаліся сюды на пачастунак,
Каб піць каўшамі вінаградны хмель,
Магнаты і тузы на яхтах і на шхунах,
Аж, можа быць, з-за трыдзевяць зямель.

Тут каралі, цары, царыцы, каралевы
Заздраўных чар усьпеньвалі віно
Пад хмельна-рэзвыя цыганскія напевы,
Пад звоны шпор, пад стук гусарскіх ног.

Тады ня мог таптаць твайго узморра лапаць,
І рэдкім госьцем тут поэт бываў,
Бо ты прытулкам быў для знаці і сатрапаў
І толькі іх ты да сябе ззываў.