Старонка:Межы (1929).pdf/16

Гэта старонка была вычытаная

ЧАСТА МНЕ ГАВОРАЦЬ…

Часта мне гавораць, што жыцьцё астыне
І патухне радасьць, сьцішыць сэрца ўздым.
Я-ж кажу: няспынны бег жыцьцёвай плыні,
Што ў далечу рвецца шпарчэй хваль вады.

У адну суцэльнасьць зьліўся я з прыродай,
А яна заўсёды — вечнае ў жывым.
Як мінае бура, настае пагода.
Вось таму мне мілы росквіт веснавы,

Што, набраўшы сілы бурнай і мяцежнай,
Я змаганьня шляхі цераблю далей.
Край жыцьця шырокі — ня куток абмежны,
Ня зыбаньне хвалі ў брудным жарале.

Жыцьцё — гэта мора, вечнае бурленьне,
І таму так шчыра яго люблю я.
Калі сам загіну, зьмене пакаленьняў
Будзе шлях далёкі асьвятляць маяк.

Разам з гэтай зьменай, разам з гэтай плыньню
Ў вечным карагодзе кружацца гады.
І дарэмна кажуць, што жыцьцё астыне —
Мне яно здаецца вечна маладым.

14