Старонка:Межы (1929).pdf/18

Гэта старонка была вычытаная

∗     ∗

З жыцьцём позна я справіў заручыны
І нічога ў пасаг ня прыдбаў.
І загэтым цяпер я засмучаны,
Нібы тая увосень вярба.

І гады пралятаюць маланкаю,
І зьнікае прыгожасьць вясны.
Але толькі дарэмна я ахаю,
Што так шпарка праходзяць яны.

Ёсьць ва ўсім свае буры і розмахі,
Ёсьць ва ўсім і трывога і ціш.
Па прайшоўшым няма чаго ахаць мне —
Трэба браць ўсё, што ёсьць у жыцьці.

Меў я радасьць, цяпер-жа засмучаны.
Дзе сьвятло, там бывае і змрок.
З жыцьцём позна я справіў заручыны,
Дык каму-ж гэта ставіць ў папрок?

Сам павінен ў нядбаўнасьці гэтай я,
І за гэта я сам адкажу:
Адну песьню сваю недапетую
Ў клунак моцны душы завяжу.

1926 г.

16